Головна » Статті » Рецензії » Рецензії

Ще одна рецензія на поетичну білінґву Аксани Спринчан «Кава з украінскім мёдам/Кава з українським медом»

04.04.2018

Мікола Берлеж (м. Мінск)


Крынічная вада паэзіі

Спрынчан Аксана. Кава з украінскім мёдам : паэзія / А. В. Спрынчан ; пераклад з беларускай мовы Міколы Мартынюка. – Луцк : ПВД «Твердиня», 2017. – 212 с.
 
У Луцку, які здаўна паяднаны з беларускай старонкай, выйшла кніга беларускай паэтэсы з украінскімі родавымі каранямі Аксаны Спрынчан «Кава з украінскім мёдам»
Дзед Аксаны – вядомы беларускі паэт Браніслаў Спрынчан, быў родам з Украіны, з сяла Каніж Новаміргарадскага раёна Кіраваградскай вобласці. (З 2016 года Кіраваград – гэта горад Крапіўніцкі. Да 1924 года Елісаветград, да 1934-га – Зіноўеўск, да 1939-га – Кірава. – Рэд.). Хоць і пісаў Браніслаў Спрынчан больш на рускай мове, аднак жа выдатна і паветра, ауру беларускага слова ён адчуваў, бачыў усе колеры беларускай паэзіі. Шмат перакладаў вершаў беларускіх класікаў і паэтаў-сучаснікаў на рускую мову. Падзеяй у літаратурным жыцці ў свой час было выданне «Вянка» Максіма Багдановіча ў пераўвасабленні на рускую мову Браніслава Спрынчана.
Паэтычны зборнік Аксаны Спрынчан «Кава з украінскім мёдам» – гэты творчы праект, які з украінскага боку як перакладчык ажыццяўляў Мікола Мартынюк, заслугоўвае шырокай увагі. Па-першае, кніга выдадзена ў Луцку на дзвюх мовах. І ў чытача як з Украіны, так і з Беларусі ёсць магчымасць спрычыніцца да прыгожага пісьменства суседняга народа. Па-другое, сам факт з’яўлення ёмістага, грунтоўнага паэтычнага зборніка беларускай аўтаркі ў суседняй краіне сведчыць пра непарушнасць культурных, літаратурных сувязяў нашых народаў.
«Кава з украінскім мёдам» – гэта і прыгожы, вытанчаны напамін: украінскія перакладчыкі праз усё ХХ стагоддзе былі ўважлівыя да беларускай паэзіі. Кнігі
вершаў і паэм Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Яўгеніі Янішчыц, Алега Лойкі для чытача з неабсяжнай украінскай прасторы гучалі ды гучаць – як родныя. Спадзяёмся, што такім жа дружалюбным і для паэтаў, і для чытачоў будзе і ХХІ стагоддзе. Так яно і ёсць цяпер, бо ва Украіне выдаюцца кнігі Людмілы Рублеўскай, Алены Масла ды шмат яшчэ каго з сучасных беларускіх пісьменнікаў, а цяпер яшчэ і Аксаны Спрынчан.
«Менавіта з Вамі/ мне было/ пабачыцца ў Вільні/ ў часы Вялікага Княства Літоўскага./ Як маглі Вы спазніцца/ на гэтулькі стагоддзяў/ і сустрэцца са мною/ на вуліцах іншай сталіцы?..», – піша Аксана Спрынчан. Тонкі лірык, яна не цураецца грамадзянскіх матываў, робіць гэта шчыра і прачула. Таму і цягне да сябе, таму і вабіць яе паэзія. Таму і кожная кніга Аксаны Спрынчан – гэта як цудадзейная крынічная вада. У кнізе, якая выйшла ў свет на дзвюх мовах, ёсць і ўкраінскія, валынскія матывы, а Луцк, нагадаю, гэта сталіца слаўнага Валынскага краю.
 
 
Літо 2017. Волинь. Якось так воно починалось...
 
// Берлеж М. Крынічная вада паэзіі // Голас Радзімы : газета. – 5 красавіка 2018. – № 13 (3565). – С. 2.
// https://www.sb.by/articles/krynichnaya-vada-paezii.html
Категорія: Рецензії | Додав: Dyrektor (27.04.2018)
Переглядів: 83 | Рейтинг: 5.0/1
Всього коментарів: 0
Додавати коментарі можуть лише зареєстровані користувачі.
[ Реєстрація | Вхід ]